Formulaire de recherche

ПРЫПОВЕСЬЦІ 1

Разьдзел 1

1. Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,

2. каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,

3. каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці.

4. каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.

5. Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,

6. каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.

7. Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.

8. Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі свайго і не адкідай павучаньняў маці сваёй,

9. бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй.

10. Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.

11. Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага;

12. праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;

13. знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.

14. Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».

15. Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу сваю ад сьцежкі іхняй,

16. бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.

17. Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства.

18. А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы? сваёй.

19. Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім.

20. Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,

21. на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:

22. «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?

23. Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.

24. Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.

25. Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.

26. Дык і я буду сьмяяцца з вашага падзеньня, і насьмяхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.

27. Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхор, калі прыйдуць на вас трывога і гора,

28. тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, шукаць мяне будуць, і ня знойдуць мяне.

29. Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху ГОСПАДАВА,

30. і не пайшлі за маімі парадамі, і ўзгардзілі маімі перасьцярогамі.

31. Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.

32. Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.

33. А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».